…Wobec zazębienia interesów międzynarodowych, nie ma już dziś miejsca na suwerenności państwowe starego typu. Jeżeli jakiś naród chce pozostać suwerennym, winien rozumieć, że taka możliwość istnieje jedynie przez integralne włączenie się do wolnego świata. …Musimy zdać sobie sprawę, że zachodzi wielki proces przejścia od dotychczasowego „adwokatowania” interesom narodowym, do „adwokatowania” interesom ludzkim. Józef Mackiewicz. Zwycięstwo prowokacji, 1962

У аўторак 16 красавіка 2012 г. нарэшце скончылася доўгая эпапея з усталяваннем у Багданаўскім касцёле (Валожынскі раён) мемарыяльнай дошкі славутага мастака Фердынанда Рушчыца (1870-1936), вядомага майстра сімвалічнага пейзажа, арганізатара мастацкай адукацыі і аніматара пластычнай культуры міжваеннай Віленшчыны. Рупіцца пра належнае ўшанаванне памяці вялікага багданаўца (Рушчыц нарадзіўся і памёр у тым самым бацькоўскім маёнтку) каталіцкая і мастацкая інтэлігенцыя Беларусі пачалі каля 10 гадоў таму, - тады гэтай справай актыўна апекаваўся ксёндз-пробашч валожынскага касцёла Святога Міхала Арханёла С. Угоўскі. Але праз грамадскую апатыю, якая тады паступова агортвала краіну, гэтая ініцыятыва амаль заняпала.

І толькі нядаўна адрадзілася ізноў. З Божай ласкі да справы падключыліся шаноўныя фундатары – унук мастака, таксама Фердынанд Рушчыц і ягоны сын Эдвард, варшавякі (у гэтым родзе ужо шмат пакаленняў па мужчынскай лініі чаргуюцца імёны Фердынанд і Эдвард). Яны ўнеслі неабходныя сродкі, якія дазволілі беларускаму скульптару Валерыю Калясінскаму скончыць гэтую пачэсную працу. Да яе рэалізацыі такмама істотна прычыніліся новы багданаўскі пробашч Ігар Лашук і мінскі мастак і мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Як кажа апошні  “ 16 красавіка В.Калясінскі ўласнаруч прывёз і усталяваў першую шыльду у інтэр’еры касцёла на бакавым муры паміж   “стацый”, прысвечаных этапам Крыжовага шляху Езуса на Галгофу.

 У мемарыяльнай кампазіцыі В.Калясінскага адлюстраваны партрэтны вобраз  Ф.Рушчыца ў сваеасаблівым картушы, які нагадвае абрысы дрэва пад парывамі ветру”.   У хуткім часе у двары касцёла, на тым самым месцы, з якога Ф. Рушчыц намаляваў у 1899 г. сваю вядомую карціну “Ля
касцёла” (у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музею), будзе ўсталяваная другая шыльда ў памяць пра стварэнне гэтага жывапіснага шэдэўра, а трэцяя – будзе умацавана на каменным муры вакол касцела, што быў ўзведзены 110 гадоў па фундацыі Рушчыцаў.

Варта задумацца пра стварэнне своеасаблівага санктуарыя, або запаведніка, Рушчыца, у гэтых мясцінах. Нават са стратай улюбёнага дома мастака, які быў яго частым “героем”, і быў знішчаны летам 1944 г. гітлераўцамі пры адступленні, навакольны пейзаж, які мала змяніўся за 70 гадоў, прымушае ўспомніць кампазіцыі многіх ягоных карцін, пачынаючы ад геніяльнай “Зямлі”. Аднак ці ведаюць грамадзяне сучаснай РБ Рушчыца? Ці успрымаюць як чужога? Пакуль, на жаль, імя Фердынанда Рушчыца значна лепш вядомае ў Польшчы, а таксама ў літоўскай Вільні, але вельмі блага на ягонай малой радзіме, калі ўжо ані беларуская дзяржава, ані беларускае грамадства, за выняткам вельмі малой часткі, не надта зацікаўленыя ў падтрыманні ягонай памяці, у культывацыі ягонай спадчыны, ва ўключэнні яе ў культурны кантэкст сучаснай
Беларусі.

Алесь Белы, www.lucynka.org, паводле інфармацыі Яўгена Шунейкі

Фота Яўгена Шунейкі

Początek strony
JSN Boot template designed by JoomlaShine.com